Народны ансамбль цымбалістаў “Лілея”

Народны ансамбль цымбалістаў “Лілея” Брэсцкага музычнага каледжа быў створаны ў 2000 годзе. Заснавальнікам і нязменным кіраўніком народнага ансамбля “Лілея” Брэсцкага музычнага каледжа з’яўляецца выкладчык Літвінчук Аксана Уладзіміраўна.

З пачаткам работы Аксаны Уладзіміраўны значна павысілася зацікаўленасць навучэнцаў каледжа і музычных школ да выканання на цымбалах. Гэтаму спрыяла арганізацыя і правядзенне на базе каледжа пад кіраўніцтвам Літвінчук А.У. абласных конкурсаў навучэнцаў, метадычных канферэнцый для выкладчыкаў музычных школ з удзелам прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У 2004 годзе ансамблю цымбалістаў “Лілея” прысвоена званне “народны”.

Ансамбль “Лілея” зарэкамендаваў сябе як канцэртны, добра збалансаваны калектыў. Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, прымае ўдзел у святочных мерапрыемствах, шмат выступае з сольнымі канцэртамі на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыi горада Брэста i вобласцi. Слухачамi калектыву з’яўляюцца жыхары гарадоў Баранавiчы, Драгiчын, Камянец, Кобрын, Маларыта, Пiнск.

У канцэртным рэпертуары ансамбля заўсёды прысутнічаюць арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў-класікаў, сучасных маладых аўтараў. Калектыў прадстаўляў музычную культуру нашай краіны ў Расіі, Польшчы, Германіі.

Ансамбль цымбалістаў “Лілея” неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, граматамі мясцовых органаў выканаўчай улады.

У 2007 годзе на базе народнага ансамбля “Лілея” дуэт студэнтак Беларускай дзярджаўнай акадэміі музыкі (філіял кафедр у горадзе Брэсце) Маёравай Святланы і Вайцяхоўскай Алены стаў лаўрэатам  III Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных інструментах імя В.Гарадоўскай (II прэмія, г. Масква). У 2013 годзе калектыў узнагароджаны дыпломам лаўрэата I ступені VII Адкрытага форуму цымбалістаў “Сярэбраны звон цымбалаў” (г.Маладзечна). А ў 2016 годзе – лаўрэатам I ступені III Адкрытага форуму цымбалiстаў “Сярэбраны звон цымбалаў” у горадзе Баранавiчы.

Калектыў з’яўляецца ўдзельнікам Рэспубліканскага фестывалю “Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва”, Міжнароднага фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары” (2010, 2013 гг.).

 У 2012 годзе калектыў адзначаны Падзякай начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.

У 2020 годзе калектыў стаў лаўрэатам I ступені  IV Рэспубліканскага форума цымбалiстаў “Сярэбраны звон цымбалаў” у г. Баранавiчы.

У маі 2021 года народны ансамбль цымбалістаў “Лілея” атрымаў дыплом “Гран-пры” X Рэспубліканкага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”.

Народны ансамбль цымбалістаў “Лілея” адрозніваецца нацыянальным каларытам, непаўторным артыстызмам, запальваючай энергіяй і жаданнем дарыць слухачам свае майстэрства.